Польшча: няпраўда, што на пераходзе «Кукурыкі – Казловічы» спынілі мытнае афармленне


Дзяржаўны мытны камітэт Беларусі паведаміў, што з 3:00 10 ліпеня Польшча не прымае грузавыя транспартныя сродкі, якія едуць з Беларусі праз пераход «Казловічы – Кукурыкі». Прадстаўніца Скарбовай адміністрацыі Польшчы растлумачыла «Белсату», што машынаў не перасталі прапускаць, але працэс запаволіўся праз санкцыі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Чарга з фураў на пад’ездзе да пункту пропуску «Кукурыкі» на польска-беларускай мяжы. 21 лютага 2023 года.
Фота: Белсат

Пытаннямі пропуску машынаў праз «Казловічы – Кукурыкі» – адзіны грузавы пункт на мяжы з Польшчай – з польскага боку займаецца не памежны камітэт, а Нацыянальная скарбовая адміністрацыя, орган падатковых і мытных справаў.

Прэс-сакратарка шэфа Нацыянальнай скарбовай адміністрацыі Юстына Пасечыньска пракаментавала «Белсату» заяву беларускіх мытнікаў пра спыненне пропуску грузавога транспарту ў Польшчу:

«Гэта няпраўда, што на памежным пераходзе „Кукурыкі – Казловічы“ прыпыненае афармленне грузаў».

«Нацыянальная скарбовая адміністрацыя выконвае свае задачы адпаведна дзейным нацыянальным правілам і правілам Еўразвязу ў частцы супрацьдзеяння абыходу санкцыяў.

Ад 1 ліпеня набыла моц пастанова Рады Еўразвязу, якая пашырыла спіс тавараў, што трапляюць пад санкцыі. У сувязі з гэтым Нацыянальная скарбовая адміністрацыя абавязаная выконваць гэтыя палажэнні, а мытныя афармленні праводзяцца рэгулярна».

«Мы заўважаем аднак спад колькасці аформленых машынаў на кірунку перавозкі. Гэта звязанае з неабходнасцю дэталёвага памежнага кантролю тавараў, што ўвозяць, а таксама дбаннем пра тое, каб не былі парушаныя санкцыі, накладзеныя на Беларусь ці Расею».

«Такія праверкі ўключаюць скрупулёзны аналіз суправаджальных дакументаў да перавозак і правяранне фактычнай адпаведнасці дэклараванага грузу дзейным нормам».

Паводле Памежнага камітэту Беларусі, яшчэ з 9 ліпеня пад «Казловічамі» пачала стварацца чарга фураў, цяпер яна дасягае 600 машынаў. Яшчэ па чатыры сотні фураў стаяць на двух пераходах у Літву, яшчэ пяць сотняў – на адным у Латвію.

4 ліпеня беларусы на польскай мяжы сутыкнуліся з тым, што са шмат якімі таварамі мытнікі не прапускаюць у Беларусь, спасылаючыся на новую пастанову, якая закранае і фізічных асобаў. Сярод іншага, на тэрыторыю Польшчы забаронена правозіць алкаголь і цыгарэты, а мінаць мяжу на аўтамабілі можна толькі разам з уласнікам аўта, даверанасці дзеяць не будуць.

Тое, што рух грузаў у Польшчу не спынілі цяпер, яшчэ не значыць, што яго зусім адмовіліся спыняць.

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда падчас візіту ў Кітай у канцы чэрвеня абмяркоўваў з кіраўніцтвам КНР у тым ліку міграцыйны крызіс на беларуска-польскай мяжы і тое, што гэты крызіс можа перашкодзіць польска-кітайскім чыгуначным зносінам у межах ініцыятывы «Адзін пояс – адзін шлях».

Міністр замежных справаў Польшчы Радослаў Сікорскі заяўляў пра магчымасць закрыцця таварных пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю: Польшча «не выключае ніякіх варыянтаў», а асноўныя патрабаванні – выхад на волю палітвязня Анджэя Пачобута і спыненне штучна створанага міграцыйнага крызісу. Апрача таго, і міністр унутраных справаў Польшчы Томаш Семоняк казаў пра мяжу: «усё цяпер на стале», магчымыя любыя варыянты.

На тле гэтых выказванняў мігранты пачалі часцей ісці з Беларусі ў Латвію замест Польшчы.

Аналітыка
Асцярожна, межы закрываюцца. А што, калі Польшча ўсё ж зачыніць пераходы на мяжы з Беларуссю?
2024.06.27 10:25

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў