«Еўра-2024»: Іспанія ў фінале, Ямаль пабіў рэкорд Пэле


Першым фіналістам «Еўра-2024», што завяршаецца ў Нямеччыне, зрабілася зборная Іспаніі. На стадыёне «Баварыі» ў Мюнхене 9 ліпеня іспанцы з лікам 2:1 перамаглі французаў. 14 ліпеня зборная Іспаніі згуляе ў фінале з пераможцам пары Англія – Нідэрланды, матч паміж якімі адбудзецца 10 ліпеня. Болей – у нашым традыцыйным аглядзе.

Форвард зборнай Францыі Кільян Мбапэ (справа) змагаецца за мяч з паўабаронцам зборнай Іспаніі Фаб’янам Руісам падчас паўфінальнага матчу «Еўра-2024» паміж Іспаніяй і Францыяй. Мюнхен, Нямеччына. 9 ліпеня 2024 года.
Фота: Thomas Kienzle / AFP / East News

Пачалася новая іспанская эпоха?

У фіналах топ-турніраў іспанцаў не было 12 гадоў, з таго часу калі яны цягам шасці гадоў выгулялі два чэмпіянаты Еўропы (да гэтага нікому на ўдавалася перамагчы на «Еўра» двойчы запар) і адзін чэмпіянат свету.

На «Еўра-2020» Іспанія таксама дабралася да паўфіналу, дзе ў серыі пенальці саступіла будучаму чэмпіёну, Італіі. Асноўны час той гульні скончыўся з лікам 1:1. Лік у гульні тады зраўняў Альвара Марата, які забіў ужо і на гэтым турніры. На рахунку форварда «Атлетыка» адзін мяч. Цікава, што Марата забівае галы на чацвёртым топ-турніры запар, ён з сямю мячамі ёсць найлепшым бамбардзірам зборнай Іспаніі на фінальных турнірах чэмпіянату Еўропы. Пры гэтым форварду толькі 31 год. У чэмпіянаце Іспаніі і Італіі ён забівае не меней за дзевяць галоў за сезон пяць сезонаў запар. Напрыклад, у гэтым сезоне Марата забіў 15 мячоў. Што праўда, гэтым разам у Іспаніі зʼявіўся іншы бамбардзір, але пра гэта пазней.

Адзначым, што год таму іспанцы выгулялі Лігу нацыяў, якая пакуль яшчэ не зрабілася топавым турнірам. У фінале гэтага турніру Іспанія паводле пенальці перамагла харватаў. З гэтай жа зборнай іспанцы пачалі ў Нямеччыне, разбіўшы яе з лікам 3:0. А потым перамаглі Італію і Албанію з аднолькавым лікам 1:0, выбілі з турніру Грузію і гаспадароў «Еўра-2024», немцаў. Пры гэтым іспанцы забілі больш за ўсіх – 11 галоў. Такім чынам, цяпер на рахунку іспанцаў шэсць перамог запар.

Францыя так і не змагла злавіць сваёй гульні

На мінулым топ-турніры Францыя дайшла да фіналу, дзе саступіла Аргентыне. Цяпер каманда Дыдʼе Дэшана і блізка не была падобная на сябе. У яе ўзніклі праблемы ў атацы, і яна дайшла да паўфіналу толькі з трыма забітымі мячамі: пры гэтым два з іх былі аўтагаламі, а трэці – мячом, які Мбапэ забіў з пенальці. Дзякуючы аўтаголу французы ў 1/8 фіналу перамаглі бельгійцаў, а ў 1/4 фіналу паводле пенальці перамаглі Партугалію пасля 0:0 у асноўны і дадатковы час.

«Суперзаўзятар» Мексікі Эктар Рамірэс фатаграфуецца напярэдадні паўфінальнага матчу «Еўра-2024» паміж Іспаніяй і Францыяй. Мюнхен, Нямеччына. 9 ліпеня 2024 года.
Фота: Miguel Medina / AFP / East News

Усё вызначылі чатыры хвіліны

Іспанія – Францыя 2:1.

Іспанія з першых хвілінаў паўфіналу забрала пад свой кантроль мяч і ўжо на пятай хвіліне стварыла галявы момант: Ямаль падаў са свайго правага флангу, а Руіс галавой прабіў вышэй за браму. І тут жа першая атака Францыі аказалася галявою: Мбапэ на левым куце прыняў перадачу праз паўполя ў выканні Усмана Дэмбэле і навесіў на дальнюю штангу, у выніку Калё Муані галавой пераправіў мяч у браму і адкрыў лік у гульні.

Іспанцы выправілі ўсё за чатыры хвіліны. Спачатку фантастычны мяч забіў 16-гадовы Ямаль, які атрымаў перадачу Мараты і шыкоўна выстраліў у дальні кут, мяч ударыўся аб штангу ды апынуўся ў браме. А яшчэ праз чатыры хвіліны Ольма спыніў мяч у штрафной і вывеў Іспанію ў фінал, а французы за гэтыя чатыры хвіліны прапусцілі больш, чым за ўвесь турнір «Еўра-2024». Яны, вядома, спрабавалі выправіць сітуацыю, але іспанцы мёртвай хваткай учапіліся за вынік і вялікіх шанцаў суперніку не далі. У выніку Францыя адпраўляецца дадому, спыніўшыся за крок ад фіналу.

На дадатак, Лямін Ямаль пабіў рэкорд Пэле 66-гадовай даўніны, стаўшы самым юным аўтарам голу на топ-турнірах. Ўінгер «Барсэлоны» і зборнай Іспаніі вызначыўся ў паўфінальнай сустрэчы «Еўра-2024» з Францыяй ва ўзросце 16 гадоў і 362 дзён, тады як Кароль футболу паразіў браму Ўэльсу, маючы 17 гадоў і 239 дзён.

А Ольма адзначыўся голам на кожнай стадыі плэй-оф і цяпер з трыма галамі ўваходзіць у спіс найлепшых бамбардзіраў «Еўра-2024». Па тры мячы забілі таксама немец Джамаль Мусьяля, грузін Гіёргі Мікаўтадзэ і галандзец Кодзі Хакпа.

Іспанец Даньель Ольма святкуе свой другі забіты гол падчас паўфінальнага матчу паміж Іспаніяй і Францыяй на футбольным турніры «Еўра-2024» у Мюнхене, Нямеччына. 9 ліпеня 2024 года.
Фота: Manu Fernandez / AP Photo / East News

Хто яны – героі гульні?

Цікавы факт: 26-гадовы Даньель Ольма ў дарослым узросце ніколі не выступаў у іспанскай «Ля Лізе». У 16 гадоў форвард, які нарадзіўся ў Каталоніі, адправіўся ў харвацкі «Загрэб», за які Ольма гуляў на пяць гадоў. Пры гэтым ён рэгулярна выступаў за іспанскія зборныя розных узроставых катэгорыяў, а са зборнай Іспаніі U-21 Даньель нават зʼездзіў на Алімпіяду ў Японію, дзе ў фінале Іспанія саступіла Бразіліі. З 2020 года Ольма выступае за нямецкі «Ляйпцыг» і працягвае прыязджаць ужо ў нацыянальную зборную Іспаніі, а «Еўра-2024» – другі еўрапейскі чэмпіянат у карʼеры футбаліста.

Лямін Ямаль працягвае біць сусветныя рэкорды як самы малады гулец. У 15 гадоў ён дэбютаваў у асноўным складзе «Барсэлоны», з якой у пазамінулым сезоне зрабіўся чэмпіёнам Іспаніі. А ў 16 гадоў Ямаль стаўся яе асноўным гульцом і нават забіў за сезон сем галоў. Лямін неўзабаве прайшоў усе зборныя Іспаніі, ужо правёў 13 гульняў і забіў тры мячы за нацыянальную іспанскую каманду. Цяпер на рахунку гульца мяч, забіты ў паўфінале чэмпіянату Еўропы. На свеце няма шаснаццацігодка, які можа пахваліцца падобным. 13 ліпеня, за дзень за фіналу, Ямалю споўніцца 17 гадоў. Думаю, не трэба казаць, які падарунак хоча гэта залаты хлопец.

Алесь Ляўчук belsat.eu

Стужка навінаў