З'явіўся канал камунікацыі. У Кіеве выказаліся пра абмен зняволеных у Беларусі ўкраінцаў


Упаўнаважаны Вярхоўнай рады Украіны па правах чалавека Дмытро Лубінец падчас прэс-канферэнцыі ў Кіеве пракаментаваў нядаўняе вызваленне пяцёх украінскіх грамадзянаў з беларускіх турмаў.

Дмытро Лубінец. 
Фота: Дмитро Лубінець / Facebook

«Нам упершыню ўдалося вярнуць пяць грамадзян Украіны з тэрыторыі Беларусі. Тры нашыя гераіні і двое мужчын, сярод якіх абвінавачаны ў падрыве самалёта А-50 на тэрыторыі Беларусі. І нам удалося яго вярнуць.

Дэталі я не магу раскрываць, але магу публічна сказаць, што хаця б нейкі канал камунікацыі ў мяне з беларускім бокам зʼявіўся», – цытуе «Укрінформ» упаўнаважанага Вярхоўнай Рады Украіны па правах чалавека Дмытро Лубінца.

Лубінец падкрэсліў, што ўмовы, у якіх знаходзяцца ўкраінцы ў расейскім палоне, былі значна горш за тое, з чым сутыкнуліся ўкраінскія зняволеныя ў Беларусі.

«Мы вярнулі і там, і там цывільных. І там, і там мы размаўлялі. Мы ўбачылі нават іх фізічны стан. Гэта значыць, грамадзяне Украіны з тэрыторыі Беларусі не казалі пра ўжыванне якіх-небудзь катаванняў, збіцця… Так, мы лічым, юрыдычна трактуем, што іх незаконна асудзілі, але катаванняў не было. Былі больш-менш нармальныя ўмовы ўтрымання, было нармальнае харчаванне, гэта нават па вонкавым выглядзе было бачна», – сказаў ён.

Нагадаем, 28 чэрвеня прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі абвесціў, што з беларускіх калоніяў і СІЗА былі вызвалены пяць украінскіх грамадзянаў: Наталля Захаранка, Павел Купрыенка, Людміла Ганчарэнка, Кацярына Бруханава і Мікалай Швец.

Захаранка была асуджаная на 9 гадоў за нібыта «шпіянаж на карысць Украіны», Купрыенка – на 7 гадоў за «за агентурную дзейнасць», паводле гэтага ж абвінавачання зняволілі Ганчарэнку (прысуд невядомы), Бруханава адбывала тэрмін 2,5 года калоніі за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці», суд палічыў злачынствам перадаванне выданню «Зеркало» відэа з расейскай вайсковай тэхнікай каля Менску. Швец абвінавачвалі ў датычнасці да падрыву расейскага самалёта-лакатара А-50 у Мачулішчах.

Аналітыка
Каліноўцы і рэйкавыя партызаны. Каго яшчэ мог бы вызваліць Кіеў з турмаў?
2024.07.02 11:02

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў