Валер Кавалеўскі пра смерць экс-амбасадара Нямеччыны: Вельмі падазронае маўчанне МЗС


5 ліпеня падчас пасяджэння пастаяннай рады АБСЕ часовы павераны ў справах ЗША пры АБСЕ Катрын Брукер зрабіла заяву пра тое, што былы амбасадар Беларусі ў Нямеччыне Дзяніс Сідарэнка загінуў пры «няясных і даволі трывожных абставінах», і згадала, што на ягоным целе, верагодна, маглі быць сляды катаванняў. Ці сведчыць гэта аб тым, што сказаныя словы маюць фактычнае пацвярджэнне, раз яны прагаворваюцца на такім узроўні? Аб гэтым «Белсат» паразмаўляў з былым беларускім дыпламатам Валерам Кавалеўскім.

Былы амбасадар Беларусі ў Нямеччыне Дзяніс Сідарэнка.
Фота: амбасада Беларусі ў Нямеччыне

На думку Валера Кавалеўскага, гэта вельмі сур’ёзная заява, такія заявы робяцца амерыканскімі дыпламатамі толькі тады, калі ёсць істотныя падставы для гэтага, бо амерыканцы вельмі ўважліва ставяцца да інфармацыі, якая ім паступае, а значыць, можна давяраць і іхнай ацэнцы.

На пытанне аб тым, ці з’яўляецца нормай тое, што дыпламаты і былыя амбасадары мусяць праходзіць па вяртанні ў Беларусь дэтэктар хлусні, Валер Кавалеўскі адказаў, што да 2006 году, калі ён звольніўся з беларускага МЗС, такой практыкі яшчэ не існавала. Але паводле інфармацыі, якая паступала ад розных людзей, што працавалі ў МЗС пасля 2020-га, мелі месца і шматгадзінныя допыты, і праверка на дэтэктары хлусні. Кавалеўскі ўпэўнены, што ў выпадку з Дзянісам Сідарэнкам гэтыя праверкі зайшлі вельмі далёка.

Што да інфармацыі пра сляды катаванняў на целе, якія, паводле Катрын Брукер, маглі быць знойдзеныя на целе Дзяніса Сідарэнкі, то Валер Кавалеўскі не стаў будаваць здагадкі.

«Шчыра прызнаюся, што для мяне гэта таксама такая шакуючая навіна. Хаця па ўсіх прыкметах, тая інфармацыя, што прыходзіла з Менску з розных крыніц, паказвала, што была спроба схаваць сапраўдную прычыну смерці Дзяніса Сідарэнкі. Яшчэ 24 чэрвеня, калі я пра гэта даведаўся, казалася пра сардэчны прыступ, пасля казалі пра тромб, пазней – што сапраўды гэта магло быць самагубства. Але ў выніку мы бачым, што як мінімум адбылася спроба давядзення да самагубства чалавека, а калі да гэтага яшчэ дадаць вось такія прыкметы фізічнага ўздзеяння, катаванняў, то сітуацыя выглядае яшчэ больш трагічнай», – адзначыў Валер Кавалеўскі.

Наогул вельмі падазроным у гэтай справе, на думку суразмоўцы «Белсата», з’яўляецца менавіта маўчанне беларускага МЗС. Гэта нагадвала тое, як паводзіла сябе ведамства пасля смерці Уладзіміра Макея.

«Калі памятаеце, МЗС паведаміў пра гэта двума словамі: «Макей памёр». І гэта выглядала абсалютна ненармальна для таго, як паведамляюць такія навіны пра кіраўніка ведамства», – кажа Кавалеўскі.

Што датычыцца Сідарэнкі, то ніякіх навінаў пра ягоную смерць не было ажно да моманту пахавання, хаця прайшло некалькі дзён. Але можна ўжо сказаць, адзначае Кавалеўскі, што гэта пэўны алгарытм рэагавання прэсавай службы беларускага МЗС.

Таксама суразмоўца «Белсата» звярнуў увагу на тое, што гэта ўжо трэці выпадак пасля 2020 года сыходу з жыцця людзей, якія былі «прыхільнікамі больш ліберальнага падыходу да знешняй палітыкі Беларусі, з досыць добрай рэпутацыяй»: гэта Алег Краўчанка, які ў ліпені 2020 года быў прызначаны амбасадарам у ЗША, гэта сам Уладзімір Макей і, нарэшце, Дзяніс Сідарэнка.

Што датычыцца рэпутацыі Дзяніса Сідарэнкі, то Валер Кавалеўскі назваў яе «выдатнай», бо ведаў гэтага чалавека асабіста: яны разам вучыліся і пазней былі калегамі па працы: «У яго заўсёды былі выбітныя ацэнкі і адзнакі прафесіяналізму», – падкрэсліў Валер Кавалеўскі.

Суразмоўца «Белсата» адзначыў, што для Дзяніса Сідарэнкі пасля 2020 году быў момант маральнага выбару. Гэта быў перыяд, калі шматлікія дыпламаты сказалі «не» рэжыму Лукашэнкі і сышлі з сістэмы. Тым не менш Дзяніс Сідарэнка, адзначае Валер Кавалеўскі, зрабіў выбар на карысць таго, каб заставацца ў гэтай сістэме, такім чынам прадэманстраваўшы лаяльнасць ёй. Трэба ўлічваць, што ладную частку сваёй працы Сідарэнка правёў ужо ва ўмовах пасля 2020 году, калі рабіліся масавыя рэпрэсіі і пачалася агрэсія супраць Украіны – то бок падставаў для таго, каб сысці з сістэмы, было больш чым дастаткова, мяркуе былы дыпламат.

Hавiны
З трыбуны АБСЕ згадалі пра смерць былога амбасадара ў Нямеччыне Дзяніса Сідарэнкі
2024.07.08 20:00

Сяргей Падсасонны / Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў