Улады прыдумалі новы конкурс для «павышэння прэстыжу» вайскова-патрыятычных кіраўнікоў


Міністэрства адукацыі Беларусі зладзіла новы конкурс, каб «выявіць эфектыўныя практыкі ў патрыятычным выхаванні».

Гэта не адзіны такі конкурс у Беларусі.
Крыніца: Белсат

Новы конкурс з бюджэтных сродкаў «Кіраўнік вайскова-патрыятычнага выхавання» будзе праводзіцца сярод педагогаў дадатковай адукацыі, кіраўнікоў музеяў, кіраўнікоў вайскова-патрыятычнага выхавання, выхавальнікаў групаў падоўжанага дня, педагогаў-арганізатараў, класных кіраўнікоў, настаўнікаў (пачатковых класаў, гісторыі, расейскай мовы і літаратуры, беларускай мовы і літаратуры, геаграфіі, мастацтва).

Мінадукацыі лічыць, што гэта дапаможа выявіць эфектыўныя практыкі ў патрыятычным выхаванні, стымуляваць развіццё творчай ініцыятывы педагагічных працаўнікоў і спрыяць падтрыманню таленавітых педагагічных працаўнікоў.

Конкурс будзе праводзіцца ў чатырох намінацыях: «Найлепшы праект патрыятычнага выхавання», «Найлепшая распрацоўка музейных заняткаў», «Найлепшая распрацоўка вайскова-гістарычнай тэматыкі» і «Урок у музеі». Пераможцы і прызёры конкурсу атрымаюць дыпломы і прызы на сумы ад 40 да 120 рублёў.

Дарэчы, нядаўна прайшоў абласны этап іншага ідэалагічнага конкурсу – «Найлепшыя практыкі і метадычныя інструментарыі ў патрыятычным выхаванні», з такімі ж самымі намінацыямі. У ім паўдзельнічалі 154 працы. Але, здаецца, ён выявіў не ўсе «эфектыўныя практыкі ў патрыятычным выхаванні».

Нагадаем, пасаду «кіраўнік вайскова-патрыятычнага выхавання» ў школах Беларусі ўвялі з ліпеня 2021 года.

Тэса Анэйда belsat.eu

Стужка навінаў