Удар па Кіеве 8 ліпеня быў прыцэльны. Чым адкажа саміт NATO?


Трапленне ў кіеўскую лякарню ў час расейскай атакі 8 ліпеня не было выпадковасцю ці віною супрацьпаветранай абароны. Пра тое, што пра гэта сведчыць, і пра тое, як на гэта адкажа саміт NATO, «Белсату» распавёў украінскі вайсковы эксперт Ігар Раманенка.

straż pożarna, strażacy, ratownicy, Ochmatdiet, Ochmatdyt, Kijów, bombardowanie, nalot, atak rakietowy, wojna, dsns
Ратавальнікі ля бальніцы «Охматдет» на другі дзень работаў. Кіеў, Украіна. 9 ліпеня 2024 года.
Фота: Dsns.gov.ua

Удзень 8 ліпеня расейскія войскі зладзілі масаваны абстрэл украінскіх гарадоў. Атака забрала чатыры дзясяткі жыццяў, больш за ўсё параненых і забітых – у Кіеве. Адна з ракетаў трапіла ў найбуйнейшую дзіцячую бальніцу краіны «Охматдет».

Вайсковы эксперт, генерал-лейтэнант у адстаўцы, намеснік начальніка Генеральнага штаба Узброеных сілаў Украіны ў 2006–2010 гадах, заснавальнік фонду «Закрыем неба для Украіны» Ігар Раманенка ў каментары «Белсату» выказвае ўпэўненасць: Уладзімір Пуцін наўмысна рыхтаваў вялікае злачынства, каб праявіць сваю сілу, прадэманстраваць яе свету, кіраўнікам краінаў NATO і кіраўніцтву Украіны.

Відэазапісы ўдараў і маршруты ракетаў, падкрэслівае Раманенка, несумненна абвяргаюць версію расейскай прапаганды пра тое, што ракеты выпадкова патрапілі па жылых дамах і лякарні нібыта праз тое, што былі збітыя ўкраінскай супрацьпаветранай абаронаю. Бачна, як высокадакладныя ракеты заходзілі на цэль і пікіравалі.

Акрамя таго, мінулыя ўдары наносіліся ў асноўным у начны час, а атака 8 ліпеня пачалася ноччу, прыпынілася і працягнулася раніцай, калі людзі ўжо не спалі, былі на вуліцах і на працы. І вядома, што расейскія войскі запускалі ледзь не ўсе віды ўзбраенняў, якія толькі маглі: балістычныя, аэрабалістычныя, крылатыя ракеты, кіраваныя авіяцыйныя – «усё, што назбіралі». Расейскія войскі наносілі так званы зорны ўдар: ракеты заходзілі з розных бакоў, з розных вышыняў і з рознымі хуткасцямі.

Ігар Раманенка.
Фота: Radiosvoboda.org

Хай СПА і знішчыла тры чвэрці ракет, тое, што знішчыць не ўдалося, прывяло да маштабнай гібелі цывільных.

Украіна адказвае на такое ўдарамі па інфраструктуры Расеі, звязанай з вайной: па вайсковых аэрадромах, нафтабазах, электрастанцыях… Для Украіны ў Расеі няма «закрытых зонаў», кажа Раманенка, але ёсць абмежаванні па ўжыванні ўзбраенняў на тэрыторыі Расеі ад саюзнікаў.

Ад саміту NATO Раманенка чакае ў першую чаргу дапамогі ў супрацьпаветранай абароне. З неабходных сямі новых батарэяў Patriot Украіна пакуль атрымала толькі тры. Таксама Украіне неабходна зняцце забаронаў на выкарыстанне самалётаў F-16, якія могуць выкарыстоўвацца і як штурмавікі, і як сродкі СПА. Таксама на саміце маюць разгледзець пытанне ўдзелу дзяржаў, якія мяжуюць з Украінай, у збіванні ракетаў над тэрыторыяй Украіны.

Аналітыка
Чаго чакаць ад саміту NATO у Вашынгтоне?
2024.07.09 09:18

Сяргей Падсасонны, Алесь Наваборскі / ЮК belsat.eu

Стужка навінаў