Ва ўцеклага суддзі Шмыта знайшлі вялізныя даўгі ў Польшчы. Гэта і магло быць прычынай уцёкаў


Польскі суддзя Томаш Шмыт увесну ўцёк у Беларусь і атрымаў працу ў БелТА. А на радзіме, як высветліла польскае выданне «Fakt», пакінуў сур’ёзныя даўгі. Раней расследавальнікі выказвалі здагадкі, што вербаванню Шмыта магло спрыяць ягонае «драматычнае» фінансавае становішча.

Томаш Шмыт у рэдакцыі газеты «Вечерний Минск». Менск, Беларусь. 21 чэрвеня 2024 года.
Фота: Tomasz Szmydt / Telegram

Як піша «Fakt», перад ад’ездам у Беларусь скандальны суддзя Томаш Шмыт падаў у Ваяводскі адміністрацыйны суд у Варшаве дэкларацыю аб маёмасці – дакумент, які сведчыць аб вялікіх даўгах, што зацікавіла спецслужбы.

Ён задэклараваў толькі 10 080 злотых (каля 2550 долараў) на банкаўскім рахунку. Ягоны заробак як суддзі да сплаты падаткаў («бруднымі») складаў на месяц 25 548 злотых (каля 6480 долараў). Але ён меў чатыры крэдыты на агульную суму 545 172 злотых (звыш 138 тысяч долараў), з якіх сплаціў за год толькі каля 40 тысяч злотых (крыху больш за 10 тысяч долараў). Як раней выявілі спецслужбы, ён таксама браў мікракрэдыты («chwilówki») пад высокія адсоткі.

Акрамя таго, Шмыт не задэклараваў ніякай нерухомасці, адзіная задэклараваная ўласнасць – машына «Seat Ibiza» узростам 9 гадоў. Як паведамлялі раней, ён плаціў каля 4 тысяч злотых на месяц (каля тысячы долараў) за здымную кватэру ў варшаўскім раёне Муранаў. І ён меў плаціць высокія аліменты на трох дзяцей ад мінулага шлюбу, але, як мяркуе «Fakt», не плаціў, бо рахунак, на які яму пералічвалі заробак з суда, быў арыштаваны.

У Беларусі Томаш Шмыт пайшоў працаваць у дзяржаўнае інфармагенцтва БелТА, падарожнічае па Беларусі і здымаецца ў сюжэтах беларускай і расейскай дзяржаўнай прапаганды. Паралельна з гэтым ад ягонага імя з’яўляюцца публікацыі ў сацсетках з наратывамі расейскай і беларускай прапаганды. Напрыклад, толькі 8 ліпеня ў ягоных сацсетках была публікацыя з абрáзамі прэзідэнта Украіны і абвінавачаннямі кіраўніцтва Польшчы ў «распальванні вайны» ва Украіне, а затым публікацыя пра ўдзел у арганізаванай расейскім дзяржаўным выданнем «Sputnik» канферэнцыі «Беларусь и Польша: от конфронтации к добрососедству». Неўласцівыя паляку памылкі ў тэкстах па-польску даюць падставы меркаваць, што замест яго ў сацсеткі піша хтосьці расейскамоўны.

Месяц таму Акруговы суд Варшавы выдаў еўрапейскі ордар на арышт Томаша Шмыта, яго падазраюць у шпіянажы ў Польшчы: ён займаўся «таемнымі справамі», да якіх доступ маюць толькі прадстаўнікі спецслужбаў і суддзі. Якую пагрозу гэта нясе для Польшчы, пакуль можна толькі ўяўляць, ідзе расследаванне. Паралельна з тым расследаваннем улады Польшчы ствараюць камісію для вывучэння расейскага і беларускага ўплыву за апошнія дваццаць гадоў.

Агляд
Алкаголь, мікракрэдыты, Стамбул. Польскія спецслужбы накапалі новае пра ўцеклага суддзю Шмыта
2024.06.12 14:57

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў