Польскі суд скасаваў пастанову аб пазбаўленні дазволу на жыхарства беларуса Паўла Юшкевіча


Ваяводскі адміністратыўны суд у Варшаве ануляваў пастанову аб пазбаўленні беларуса Паўла Юшкевіча дазволу на жыхарства ў Польшчы. Пра гэта паведамляе Hrodna.life.

Павел Юшкевіч на акцыі супраць ягонай дэпартацыі. Торунь, Польшча. 17 студзеня 2024 года.
Фота: Marek Krupecki / Facebook

У судзе адвакат Паўла Юшкевіча сказаў, што Агенцтва ўнутранай бяспекі (ABW) змяніла меркаванне наконт таго, што мужчына нібыта небяспечны для Польшчы.

Павал і ягоны адвакат выказалі здагадку, што спецслужбы засталіся незадаволеныя тым, што ён не стаў ім даваць інфармацыю пра беларускіх студэнтаў і ягоных калегаў. Таксама прычынай можа быць удзел Паўла ў алімпіядзе па расейскай мове ў Доме расейскай культуры – ён быў студэнтам расейскай філалогіі. Суд, які азнаёміўся з матэрыялам, сказаў, што той агульны і неканкрэтны.

Павел Юхневіч лічыць, што ABW змяніла сваё меркаванне ў сувязі з тым, што з падтрыманнем яго выступілі прадстаўнікі польскай і беларускай грамадскасці.

Гісторыі
«Няма рашучасці прызнаць памылку». Беларус, якога прызналі «пагрозаю Польшчы», назваў крыўднаю пастанову пра дэпартацыю
2024.01.25 09:12

Беларус Павел Юшкевіч жыве ў Польшчы 16 гадоў, ён пераехаў з Гарадзеншчыны ў 17-гадовым узросце. Агенцтва ўнутранай бяспекі (ABW) яшчэ ў 2013 годзе прызнала Паўла «пагрозаю нацыянальнай бяспецы». Такую выснову спецслужба зрабіла, калі беларус падаў заяву на польскае грамадзянства. Ужо тады Юшкевіча хацелі дэпартаваць, аднак пастанову ўдалося аспрэчыць у судзе. У пачатку 2024 года на падставе той пастановы ABW мужчыну пазбавілі дазволу на жыхарства і далі адзін месяц на выезд.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў