Мінабароны плануе купіць дроны ў дзясяткі разоў даражэй за рынкавы кошт?


Паводле звестак «Беларускі Гаюн», Міністэрства абароны Беларусі плануе новыя закупкі дронаў для войска. Да канца 2024 года ведамства плануе закуп 16 дронаў Chimera CX10 вытворчасці iFlight (Кітай).

Міліцэйскі дрон.
Фота: pressmvd / Telegram

Chimera CX10 – гэта 10-цалевы FPV-дрон, які можа развіваць хуткасць да 140 км/г і вытрымліваць нагрузку да 2,5 кг. Максімальная вышыня ўзлёту – 6 тысяч метраў.

У афіцыйнай інтэрнэт-краме кампаніі адзін робат Chimera CX10 каштуе $329,99. Аднак беларускае мінабароны плануе выдаткаваць на закуп каля 460 тысяч рублёў, ці па $8951 за адзін беспілотнік.

«Разбежка ў цэнах можа быць звязана з закупкамі дадатковых камплектуючых (батарэй і інш.) або з карупцыяй пры правядзенні закупкаў», – мяркуе «Беларускі Гаюн».

А гэта ўжо беларускі беспілотнік Supercam.
Фота: «Мілітарний»

На сайце вытворцы дронаў пазначана, што прадукцыя iFlight можа выкарыстоўвацца толькі ў грамадзянскіх мэтах і забароненая для выкарыстання падчас вайны.

«Малаверагодна, што гэтая забарона перашкодзіць МА РБ купіць беспілотнікі, бо іх закупка будзе праходзіць праз пасярэднікаў», – піша крыніца.

Нагадаем, дроны ўваходзяць у санкцыйны спіс ЕЗ – іх пастаўкі праз краіны ЕЗ у Беларусь забаронены. Акрамя таго, дроны фактычна знаходзяцца пад забаронай для выкарыстання фізічнымі асобамі ў Беларусі.

Hавiны
Цяпер беларусам нельга нават захоўваць у сябе дроны. «BELPOL» раіў іх схаваць ці зламаць
2024.03.28 09:10

Тэса Анэйда / belsat.eu

Стужка навінаў